ТУРНІ́Р СПАРТЫ́ЎНЫ,

форма правядзення спарт. спаборніцтваў у розных відах спорту, дзе адбываецца асабістае або каманднае супрацьборства. Бываюць Т.с. кругавы (кожны ўдзельнік паслядоўна сустракаецца з усімі адзін або некалькі разоў), кубкавы (алімп.; на кожным этапе выбываюць пераможаныя і вызначаецца пераможца); т.зв. швейцарскі (колькасць сустрэч — тураў меншая за колькасць удзельнікаў; у 1-м туры пары вызначаюцца жараб’ёўкай, у наступных жараб’ёўка злучае сапернікаў, якія маюць аднолькавую колькасць ачкоў). На адным Т.с. магчыма выкарыстанне розных сістэм.

Заснавальнікі Т.с. ўстанаўліваюць прызы для ўдзельнікаў. Бываюць Т.с. традыц. (напр., штогодні навагодні Гастынгскі турнір шахматыстаў; г. Гастынгс, Вялікабрытанія). міжнар. (напр., па вольнай барацьбе на прызы А.​Мядзведзя, Мінск). турнір «Вялікага шлема» ў тэнісістаў і інш.

т. 16, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)